РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКАГА МАЎЛЕННЯ Ў ДАШКОЛЬНІКАЎ
Навучанне роднай мове ў Беларусі ажыццяўляецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі, якую можна характарызаваць як руска-беларускае блізкароднаснае двухмоўе, дзе беларуская мова толькі пачынае займаць месца, якое належыць ёй па праву.
Пэўная колькасць дашкольнікаў у нашай рэспубліцы расце ў рускамоўных сем’ях, змалку вучыцца размаўляць і мысліць на рускай мове. У той жа час менавіта беларуская мова тлумачыць дзецям прыроду нашага краю, знаёміць з характарам акружаючых людзей, з грамадствам, яго гісторыяй, традыцыямі і памкненнямі, уводзіць у народную паэзію, народныя вераванні, філасофію.
Існуе даволі складанае і супярэчлівае становішча. Унікальнасць яго ў тым, што беларуская мова як другая для гэтых дзяцей з’яўляецца таксама роднай, “мовай душы”. З такога пункту гледжання і трэба падыходзіць да навучання рускамоўных дашкольнікаў беларускай мове.
Развіццё маўлення дзіцяці магчыма толькі пры ўмове правільнай літаратурна дасканалай мовы яго акружэння. Дзеці спачатку пераймаючы, а потым неўсвядомлена аналізуючы маўленне дарослых, засвойваюць усе тонкасці вымаўлення дарослага, словаўжывання, пабудовы фразы. Вучыць дзяцей трэба на лепшых узорах роднай мовы, і ў гэтым вядучая роля належыць выхавальніку, які пастаянна кантактуе з дзецьмі і ад якога дзеці пераймаюць, засвойваюць культуру маўлення.
Пад культурай маўлення разумеецца яго правільнасць: адпаведнасць нормам арфаэпіі, лексікі, граматыкі, стылістыкі, устаноўленым для літаратурнай мовы традыцыям, уменне карыстацца моўнымі сродкамі ў розных умовах зносін адпаведна з мэтай і зместам маўлення. Авалоданне культурай маўлення – доўгатэрміновы працэс.
Якія ж патрабаванні ставяцца да маўлення выхавальніка, каб ен стаў узорам высокай культуры для дзяцей?
Перш за ўсё маўленне выхавальніка павінна быць змястоўным, несці дзецям новую праўдзівую інформацыю, раскрываць перад імі ўзаемасувязі і
ўзаемазалежнасці, што існуюць у навакольным жыцці, даваць ацэнку ўчынкам дзяцей і дарослых.
Слоўнік выхавальніка павінен быць багатым і дакладным. Для выказвання сваіх эмацыянальных адносін да дзяцей, іх учынкаў, для складання апавядання, апісання розных прадметаў выхавальнік павінен выкарыстоўваць вялікую колькасць разнастайных слоў, у тым ліку сінонімы, антонімы, словазлучэнні, вобразныя літаратурныя і народныя выразы, фразеалагічныя звароты. Варта часцей ужываць словы, якія больш цяжка засвойваюцца дзецьмі (абазначэнні адценняў, колераў, матэрыялаў, мастацкіх выразаў, абагульняючых слоў і інш.).
У размове з дзецьмі неабходна памятаць пра іх узроставыя магчымасці. Размаўляючы з малодшымі дзецьмі, выхавальнік ужывае словы з канкрэтным зместам, фразы кароткія і простыя па структуры, тэмп гутаркі – некалькі запаволены, мова эмацыянальная. На пятым – шостым годзе жыцця дзецям становяцца даступнымі прычыны ўзнікнення нескладаных з’яў, якія ў маўленні адлюстроўваюцца з дапамогай складаназлучаных і складаназалежных сказаў. Дакладныя інтанацыі выхавальніка дазваляюць дзіцяці адчуць сябе больш сталым і паказаць гэта ў сваіх учынках і паводзінах.
Парушэнні ўзроставых меж, абумоўленых псіхолага-фізіялагічнымі асаблівасцямі дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту, прыводзяць да педагагічных памылак, пралікаў: непаразуменню, зніжэнню інтарэсаў, раздражненню, пасіўнасці дзяцей.
Пэўныя патрабаванні ставяцца і да гукавога боку маўлення: чыстае гукавымаўленне, выразная дыкцыя, арфаэпічная правільнасць.
Выхавальніку неабходна валодаць уменнямі весці дыялог, расказваць, слухаць расказы і адказы іншых. Маўленне яго павінна быць нешматслоўным, але зразумелым і лагічным. У дзейнасці кожнага педагога важнымі з’яўляюцца навыкі публічнага маўлення: уменне выступаць перад калегамі, наладжваць калектыўную гутарку з бацькамі. Узорам для дзяцей і акружэння павінна быць уся манера паводзін выхавальніка ў працэсе маўленчых зносін (поза, жэст, адносіны да суразмоўцаў).
Задача развіцця маўлення, навучання роднай мове выступае як адна з самых галоўных задач выхавання ў дзіцячым садзе. Авалоданне сродкамі роднай мовы, добрае валоданне ёю забяспечвае эфектыўныя маўленчыя зносіны дзіцяці з дарослымі і аднагодкамі. Без маўленчых зносін з дарослымі, без моўнага акружэння немагчыма паўнацэннае развіццё дзіцяці, бо іменна дарослыя перадаюць яму вопыт, веды, уменні, культуру. Навучыць дзіця карыстацца роднай мовай у жывых, непасрэдных зносінах з людзьмі, развіць іх вуснае маўленне – асноўная задача маўленчага развіцця дашкольніка.
Гэта агульная задача ў адпаведнасці з асноўнымі кампанентамі мовы і маўлення складаецца са спецыяльных прыватных задач:
узбагачэнне, замацаванне і актывізацыя слоўніка;
удасканаленне граматычнай правільнасці маўлення;
выхаванне гукавой культуры маўлення;
фарміраванне гутарковага (дыялагічнага маўлення);
развіццё звязнага (маналагічнага) маўлення;
выхаванне цікавасці да мастацкага слова;
навучанне грамаце.
Неабходная сістэма работы пры вырашэнні ўсіх задач развіцця маўлення забяспечваецца пераемнасцю ў вырашэнні кожнай з іх пры пераходзе ад адной узроставай групы да другой і сінхранічнай суаднесенасцю розных задач у адной узроставай групе.
Змест работы па развіцці маўлення вызначаецца вучэбнай праграмай. У аснове гэтай работы ляжыць узбагачэнне пачуццёвага вопыту, якое дзіця набывае шляхам азнаямлення са з’явамі навакольнага жыцця. Дзецям паведамляюцца ўпарадкаваныя веды пра даступныя іх разуменню з’явы побыту, прыроды і працы і грамадскага жыцця перш за ўсё нашай рэспублікі.
Праграмай прадугледжана і фарміраванне ў дзяцей уласна маўленчых навыкаў і ўменняў (выбар патрэбнага слова з сінанімічнага рада, валоданне элементамі словазмянення і словаўтварэння, развіццё фанематычнага слыху і звязнага маўлення і інш.).
Асноўныя сродкі рэалізацыі праграмных патрабаванняў – гэта:
арганізацыя зносін дзяцей у розных відах дзейнасці (гульнявой, працоўнай, бытавой);
маўленне выхавальніка як педагагічны фактар уплыву на маўленне дзяцей;
азнаямленне дзяцей з творамі мастацкай літаратуры;
выкарыстанне тэхнічных сродкаў;
развіццё ў дзяцей умення ўспрымаць розныя віды выяўленчага мастацтва, выказваючы свае думкі.
Развіццё маўлення дзяцей у дашкольных установах ажыццяўляецца ў дзвюх формах: у штодзённым жыцці і на арганізаваных занятках.
У штодзённым жыцці забяспечваюцца ўмовы для максімальнай рэалізацыі патрэбы дзіцяці ў маўленчых зносінах з дарослымі і равеснікамі. Тут можна вызначыць два шляхі развіцця маўлення дзяцей:
падпарадкаванне зместу і формы зносін патрэбам рэгуляцыі паводзін выхаванцаў у рэжымных момантах, прагулках, немаўленчых занятках і ў іншых тыповых сітуацыях;
арганізацыя дзейнасці дзяцей (напрыклад, гульнявой) з мэтай забеспячэння неўсвядомнага засваення неабходных маўленчых сродкаў (замацаванне правільнага вымаўлення таго ці іншага гука, азнаямленне з новай граматычнай канструкцыяй і г.д.).
Навучанне роднай мове на занятках – планамерны, мэтанакіраваны працэс развіцця пазнавальных здольнасцей дзяцей, засваення імі сістэмы элементарных ведаў аб наваколлі і адпаведнага слоўніка, фарміраванне маўленчых уменняў і навыкаў.
Безумоўна, існуе цесная сувязь паміж моўным матэрыялам, які падаецца на занятках, і тым, што падлягае “ўтоенаму” замацаванню ў спецыяльна арганізаванай педагогам дзейнасці дзяцей па-за заняткамі. З другога боку, на занятках наладжваюцца назіранні над моўным матэрыялам, які дзеці атрымліваюць у працэсе спантаннага засваення мовы ў штодзённым жыцці.
Адной з заканамернасцей засваення дзецьмі мовы з’яўляецца наяўнасць у іх моўнага пачуцця – неўсвядомленага, набытага ў працэсе штодзённых маўленчых зносін. У дзяцей неабходна выхоўваць пачуццё беларускай мовы, ствараючы для гэтага адпаведныя маўленчыя ўмовы, у працэсе якіх дзіця магло б пад кіраўніцтвам выхавальніка засвойваць беларускую мову, далучацца да яе паэзіі, а затым і вырашаць розныя маўленчыя задачы – камунікатыўныя, пазнавальныя і інш.
У маленькіх дзяцей, якія толькі прыйшлі ў дашкольную ўстанову з рускамоўнай сям’і, важна спачатку як мага лепш развіць пачуццёвую аснову беларускага маўлення. Рускамоўным дзецям трэба спачатку “ўвайсці” ў беларускую мову, адчуць яе прыгажосць, мелодыку, своеасаблівасць, зацікавіцца роднай мовай. Таму найбольш спрыяльным для разумовага і маўленчага развіцця дзяцей гэтага ўзросту з’яўляецца паступовае ўключэнне беларускай мовы ў розныя віды дзіцячай дзейнасці.
Вядучую ролю адыгрывае знаёмства дзяцей з беларускім фальклорам, а таксама лепшымі класічнымі творамі для маленькіх дзяцей. Фальклорныя і класічныя творы дазваляюць увесці дзіця ў атмасферу жывога беларускага слова.
Перш за ўсе прадугледжваецца праслухоўванне дзецьмі беларускіх народных калыханак, песенек, забаўлянак, кароткіх вершыкаў, якое суправаджаецца адпаведнымі зместу дзеяннямі (закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытопванне, падскокі і да т.п.), паўтарэннем гукаперайманняў, асобных слоў, выразаў. Расказванне невялікіх па аб’ёму казак трэба суправаджаць інсцэніроўкамі, што аблегчыць дашкалятам іх успрыманне і разуменне, заахвоціць да паўтарэння слоў, выразаў, песенек.
Маленькія дзеці могуць ужо ўдзельнічаць у простых карагодных гульнях. Гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін, выклікаць у дзяцей жаданне ўступаць у зносіны, значыць, і размаўляць адно з адным. Дзецям падабаюцца такія гульні, а гэта добрая падстава для выхавання цікавасці да беларускай мовы, першапачатковага развіцця беларускага маўлення. Захапіўшыся гульнёй, дзеці не заўсёды і заўважаюць, што гульня праводзіцца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.
Аналагічным чынам для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дашкалят мэтазгодна выкарыстоўваць лялек-“беларусаў”, напрыклад, дзяўчынку Паўлінку і хлопчыка Янку. Яны па аднаму або разам “прыходзяць” да дзяцей і цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.
Маўленчыя сітуацыі, пабудаваныя на натуральнай цікавасці дзяцей да лялек, ствараюць у іх устаноўку на мову субяседніка. Дзеці вучацца прыслухоўвацца да беларускай мовы, успрымаць і разумець яе. Непрыкметна ў іх фарміруецца патрэбнасць мець зносіны на роднай мове. У час гэтых заняткаў неадвольна засвойваецца пэўны слоўнік, спачатку пасіўны, які далей паступова актывізуецца, калі дзеці пачынаюць прымаць удзел у сітуацыйным дыялогу з лялькамі і выхавальнікам. У гэтых дыялогах малыя нявымушана практыкуюцца ў вымаўленні беларускіх слоў, выкарыстанні некаторых граматычных форм. Маўленчыя сітуацыі можна разыгрываць і з удзелам іншых цацак-персанажаў беларускага фальклору: казы-манюкі, катка-залатога лабка і да т.п., якія таксама размаўляюць толькі па-беларуску.
Выхавальнік сам вырашае, калі асобныя заняткі можна поўнасцю праводзіць на беларускай мове. Спачатку гэта могуць быць заняткі, на якіх моўная нагрузка невялікая – маляванне, лепка, асабліва на тэмы, звязаныя з нацыянальным мастацтвам; затым такія заняткі, як азнаямленне з прыроднымі з’явамі, па фарміраваннi элементарных матэматычных уяўленняў і інш.
Асаблівую ролю ў развіцці беларускага маўлення як сродку зносін адыгрываюць ролевыя гульні з лялькамі-“беларусамі”. Такія гульні даступныя ўжо дзецям трохгадовага ўзросту. Выхавальнік штодзённа наладжвае іх, прымаючы ўдзел у гульні з дзецьмі. Лялькі ў гульні “размаўляюць” толькі па-беларуску.
Маленькія выхаванцы далучаюцца і да пасільнага ўдзелу ў народных гульнях, святах, якія праводзяцца са старэйшымі дзецьмі. Гэта таксама добры падмурак, на якім развіваецца пачуццё беларускай мовы ў дашкольнікаў.
Такім чынам, першыя тры гады жыцця – гэта пераважна тыя формы работы, якія спрыяюць развіццю пачуцця беларускага маўлення ў дзяцей з рускамоўных сем’яў.
Як і раней, вядучую ролю ў далучэнні дзяцей да беларускай мовы, развіцці беларускага маўлення адыгрывае мастацкая літаратура: слуханне апавяданняў, вершаў, казак, завучванне на памяць, адгадванне і загадванне загадак, тлумачэнне прыказак і прымавак.
Вялікую карысць прыносяць рухавыя і карагодныя гульні з мастацкім словам. Яны праводзяцца на прагулках, у вольны час з мэтай замацавання асобных слоў, іх вымаўлення, граматычных форм, тэкстаў. У такіх гульнях дашкольнікі лёгка ўлоўліваюць музычнасць, напеўнасць, рытмічнасць мовы, пазнаюць трапнасць, лаканічнасць слова.
Спачатку дашкалятам прапануюцца гульні, якія ў асноўным пабудаваны на перайманні рухаў (пільшчыкаў, кавалёў, лыжнікаў і г.д.). Рухі выконваюцца ў адпаведнасці з рытмам верша.
Наступныя гульні, якія можна ўжо прапанаваць чатырох-пяцігадовым дзецям, акрамя рухаў пераймання, змяшчаюць бег, падскокі, галоп, будуюцца па тыпу хованак, даганялак, адшуквання адзін аднаго. (Напрыклад, гульня “Воўк і зайцы” па вершу В. Віткі).
Арганічна звязаныя песня, слова, рух у народных карагодных гульнях. У іх дзеці драматызуюць тое, аб чым спяваецца ў песні (“Каравай”, “Заінька” і інш.). Гэтыя гульні служаць добрым сродкам замацавання слоўніка, граматычнага ладу беларускага маўлення.
Пяцігадовым дзецям можна прапанаваць народныя гульні-драматызацыі з дакладным размеркаваннем роляў кожнага ўдзельніка і адпаведнымі іх слоўнымі прыгаворамі. Галоўная каштоўнасць такіх гульняў у тым, што ў іх адлюстроўваюцца нацыянальныя традыцыі, характар народа, яны цесна звязаны з прыродай, побытам і працоўнай дзейнасцю людзей. Таму народныя гульні садзейнічаюць не толькі развіццю беларускага маўлення, але і засваенню беларускай культуры ў шырокім сэнсе слова.
Да гульняў-драматызацый адносяцца такія вядомыя, як “Гусі-гусі”, “Пастух і статак”, “Воўк і авечкі”, “Рэдзька” і іншыя. Усе яны ўключаюць дыялогі, таму ў гэтых гульнях дзеці засвойваюць і жывое беларускае слова, і інтанацыйную выразнасць дыялагічнага маўлення.
З пяці-шасцігодкамі далей праводзіцца ўся тая ж работа, што пачалася ў папярэдняй узроставай групе. Але асаблівае месца сярод гульняў-драматызацый з мастацкім словам належыць тым, якія дапамагаюць дзецям праявіць творчыя здольнасці, уменне знайсці правільны адказ на пытанне якога-небудзь персанажа, прыдумаць дыялог, стварыць рыфмаваныя радкі. (Напрыклад, рухавая гульня “Кавалі” па вершу В. Віткі).
Вялікія магчымасці для замацоўвання і актывізацыі навыкаў беларускага маўлення ствараюць рэжымныя моманты, працоўная дзейнасць дзяцей. У ранішнія часы можна замацаваць слоўнік па тэмах: “Знешні выгляд чалавека”, “Адзенне і абутак”, “Прадметы гігіены” і інш. На прагулцы актывізуецца слоўны запас па тэмах: “Расліны”, “Транспарт”, “Птушкі”, “Поры года” і г.д. У ходзе працоўнай дзейнасці выхавальнік можа пазнаёміць дзяцей з назвамі інструментаў, інвентару, працоўных дзеянняў. Выхавальнік вядзе дыялог з дзецьмі, выкарыстоўваючы ў сваёй мове загадкі, прыказкі, кароткія вершы. Такім чынам наладжваецца развіццё натуральных узаемаадносін на беларускай мове. У падобных штодзённых размовах дзеці прывучаюцца свабодна карыстацца беларускай мовай, спантанна засвойваюць родную мову на “ўзроўні пачуцця”.